НАТУРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,

літаратурны кірунак 1840-х г. у Расіі; пачатак рус. крытычнага рэалізму. Тэрмін «Н.ш.» ўпершыню ўжыты Ф.​Булгарыным у зняважлівай характарыстыцы творчасці маладых паслядоўнікаў М.​Гогаля, палемічна пераасэнсаваны В.​Бялінскім як «натуральнае», праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці (арт. «Погляд на рускую літаратуру 1846 г.», «Погляд на рускую літаратуру 1847 г.», «Адказ «Москвитянину», 1847). Ідэйна-маст. прынцыпы: дэмакратызацыя л-ры, пашырэнне яе жыццёвага дыяпазону, выкрыццё грамадскай несправядлівасці, цікавасць да жыцця простых людзей, прызнанне сур’ёзнасці будзённых калізій і інш. Да Н.ш. належалі А.​Герцэн, Дз.​Грыгаровіч, У.​Даль, Ф.​Дастаеўскі, А.​Дружынін, М.​Някрасаў, М.​Салтыкоў-Шчадрын, І.​Тургенеў і інш. Яны друкаваліся ў час. «Отечественные записки», «Современник», зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2, 1845) і «Пецярбургскім зборніку» (1846), якія сталі праграмнымі. Н.ш. не абмяжоўвалася канкрэтнымі жанрамі, хоць на пачатку пераважаў фізіялагічны нарыс, пазней — аповесць, раман. Паўплывала на выяўленчае (П.​Фядотаў, А.​Агін) і музычнае (А.​Даргамыжскі, М.​Мусаргскі) рус. мастацтва. Традыцыі Н.ш. прасочваюцца ў бел. рэалістычнай л-ры 19 ст. (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына і інш.).

Літ.:

Жук А.А. Сатира натуральной школы. Саратов, 1979;

Кулешов В.И. Натуральная школа в русской литературе XIX в. 2 изд. М., 1982.

Н.​В.​Галаўко.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)